Здарылася ў Беларусі


Ці пойдзе Менск на дэвальвацыю беларускага рубля? 21.11.2008 слухаць 1,85 MB

Беларусь працягвае перамовы зь Міжнародным валютным фондам аб выдзяленьні краіне крэдыту ў 2 мільярды даляраў.  Як паведамляюць незалежныя беларускія СМІ, перамовы зь міжнароднай фінансавай установай зацягнуліся, бо МВФ патрабуе ад беларускага ўраду пайсьці на 20% дэвальвацыю беларускага рубля, на што беларускі бок не згаджаецца. Чаму МВФ патрабуе дэвальвацыі й якія нэгатыўныя наступствы яна можа прынесьці? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Сержа Наўродзкага – экспэрта менскага прадстаўніцтва міжнароднага Цэнру сацыяльных і эканамічных дасьледаваньняў CASE. 

Cпачатку эканаміст растлумачыў, што такое дэвальвацыя.

С. Наўродзкі: Дэвальвацыя – гэта працэс абясцэньваньня нацыянальнай валюты ў стасунку да іншых валютаў. Калі дэвальваваць беларускі рубель, то за яго можна будзе набыць менш даляраў, чым раней. 

На думку Сержа Наўродзкага, патрабаваньні МВФ дэвальваваць рубель абгрунтаваныя тым, што Беларусь мае вялікі дэфіцыт гандлёвага балянсу.

С. Наўродзкі: Мы імпартуем (завозім у краіну замежныя тавары) нашмат больш, чым экспартуем. Расплачваемся мы замежнай вылютай. Таму Міжнародны валютны фонд прапануе дэвальваваць рубель. Як гэта нам дапаможа? Вельмі проста – за тавары, якія мы прададзім за мяжу, мы атрымаем больш беларускіх рублёў. Калі мы дэвальвуем рубель на 20%, то атрымаем на 20% больш сродкаў у наш бюджэт.

Як растлумачыў Серж Наўродзкі, дэвальвацыя беларускага рубля дапамагла б зьменшыць дэфіцыт гандлёвага балянсу Беларусі. Аднак такі крок прынёс бы шмат нэгатыўных наступстваў – папярэджвае эканаміст.

С. Наўродзкі: Наступствы для звычайных грамадзянаў будуць не найлепшымі. У даляравым эквіваленце мы будзем зарабляць менш. Другі нэгатыўны вынік – інфляцыя. Цэны на імпартныя тавары пачнуць расьці. Паколькі мы іх купляем за валюту, то ў беларускіх рублях яны будуць каштаваць больш. Пачнуць расьці цэны нават на самыя простыя тавары, якія мы завозім – на бананы, вопратку з Кітаю, аўтазапчасткі. 

Нават невялікая дэвальвацыя падарве давер беларускага насельніцтва да банкаў. Гэта асабліва небясьпечна ў часе міжнароднага эканамічнага крызысу, калі беларускім банкам патрэбныя сродкі.

С. Наўродзкі: Беларусы пабягуць у банкі, каб забраць адтуль рублі, якія будуць абясцэньвацца. Людзі захочуць патраціць грошы як мага хутчэй. Гэта прывядзе да зьмяншэньня рэзэрваў беларускай банкаўскай сыстэмы. У адказ на недахоп сродкаў банкі павялічаць працэнтныя стаўкі па крэдытах. На месцы Міжнароднага валютнага фонду я б настойваў не на дэвальвацыі, а на правядзеньні такіх рэформаў, якія б дазволілі прыцягнуць больш замежных інвэстыцыяў і такім чынам палепшыць гандлёвы балянс.

Як растлумачыў Серж Наўродзкі, эканаміст дасьледчага цэнтру CASE, дэвальвацыя беларускага рубля прывядзе да зьмяншэньня рэальных даходаў насельніцтва, росту цэнаў, а што самае важнае – пахісьне беларускую банкаўскую сыстэму. Менавіта таму Беларусь не згаджаецца на ўмовы крэдыту, прапанаваныя МВФ. Крэдыт аднак жыцьцёва неабходны Беларусі. Перамовы зь Міжнародным валютным фондам будуць цяжкімі й працяглымі – лічыць беларускі эканаміст.  

Аляксандар Папко


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Nagrań i Koncertów| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone