Нягледзячы на некаторыя пазытыўныя крокі, зробленыя беларускім урадам, бягучая сытуацыя ў краіне далёкая ад поўнага выкананьня прынцыпаў свабоды аб’яднаньня. Частка рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы па-ранейшаму застаюцца нявыкананымі. Да такой высновы прыйшла Адміністрацыйная Рада МАП, якая 19 лістапада зацьвердзіла даклад Камітэту па свабодзе аб’яднаньня.
Як распавёў Польскаму радыё старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, пакуль заўчасна казаць пра вяртаньне Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў з боку Эўразьвязу.
А. Ярашук: Размова пра вяртаньне прэфэрэнцыяў пакуль не вядзецца. Дзеля гэтага патрэбна выканаць усе патрабаваньні МАП. Урад Беларусі нейкія крокі па гэтым пытаньні прадпрымае, ідзе няпросты дыялёг з МАПам. Размова ідзе пра выкананьне ўрадам рэкамэндацый МАП. Можа ў пэрспэктыве справа дойдзе да таго, што прэфэрэнцыі будуць вернутыя, але гэта патрабуе часу.
Нагадаем, Эўрапейская камісія адмяніла агульную сыстэму прэфэрэнцыяў ЭЗ у адносінах да Беларусі ў 2007 годзе, па рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы за парушэньне правоў прафсаюзаў.
Сярод рэкамэндацыяў МАП: рэгістрацыя незалежных прафсаюзаў, спыненьне антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі, адмена непісанай забароны правядзеньня масавых мерапрыемстваў, якія ладзяць незалежныя прафсаюзныя арганізацыі, а таксама аб’ектыўная ацэнка парушэньня правоў прафсаюзаў.