19 лістапада ў Слоніме пасьля цяжкай і працяглай хваробы на 78-м годзе жыцьця памёр прафэсар Алег Лойка.
Знакаміты беларускі паэт, перкладчык і літаратуразнаўца выхаваў некалькі пакаленьняў настаўнікаў, літаратараў і пісьменьнікаў. Сярод іх сташыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.
Алесь Пашкевіч: З Алегам Антонавічам Лойкам прайшло ўсё маё філялягічнае жыцьцё, пачынаючы ад першага курса філялягічнага факультэту БДУ. Ён быў маім „хросным бацькам” ня толькі ў філялёгіі, але і ў паэзіі. Першы мой зборнік вершаў выйшаў з прадмовай Алега Антонавіча. Постаць гэтага чалавека мне бачыцца ў кантэксьце беларускай культуры й грамадзка-літаратурнага руху як постаць сучаснага, апантанага рамантыка-адраджэнца. Па-сутнасьці, гэта доктар беларускасьці, доктар, які словам мастацкім лекаваў беларускую нацыю. Ягоны бацька быў фэльчарам, лячыў людзей, а такім доктарам беларускай душы ўсё сваё жыцьцё зьяўляўся Алег Антонавіч Лойка. Ён быў зьвязаны з полькім літаратурна-грамадзкім рухам. Да ўсяго Алег Антонавіч на сёньняшні дзень зьяўляецца адзіным аўтарам перакладной анталёгіі польскай паэзіі XX стагодзьдзя. На сваё 70-годзьдзе ён яшчэ пасьпеў пабачыць і прэзэнтаваць двухтомнік „Анталёгіі польскай паэзіі”. Ня часта можна сустрэць прыклад такой працы, калі адзін чалавек, сумяшчаючы навуковую й творчую працу, перакладае адразу анталёгію ў двух тамах суседняй, братняй, блізкай паэзіі.
Сёньня ўсе выхаванкі Алега Лойкі ўзгадваюць асобу свайго настаўніка, які быў для тысячаў беларускіх філёлягаў вялікім маральным аўтарытэтам, - успамінае паэт і кнігавыдавец Міхась Скобла.
Міхась Скобла: У Алега Антонавяча ёсьць вучні па ўсёй Беларусі. Мы некалі жартавалі, што ён стварыў „Брацтва сьвятога Алега” й называлі сябе „братчыкамі” Алега Лойкі. У асобе Алега Антонавіча зьдзіўляе веліч зробленага ім. Ё напісаў роўна 100 кніг. Так маштабна не працаваў у беларускай літаратуры, мабыць, ніхто. Як не ўзгадаць два біяграфічныая раманы пра Янку Купалу й пра Францішка Скарыну, якія тады яшчэ ў агульнай краіне разыходзіліся па ўсім Савецкім Саюзе?! І дзе-небудзь ва Ўладывастоку ці Сургуце людзі ўпершыню даведаліся, што быў такі Скарына й Янка Купала. Як не згадаць ягоную двухтомную гісторыю беларукай літаратуры?! А я ведаю, што ён напісаў шасьцітомную! Прыйдзе час і яна будзе выдадзена. Засталіся нявыдадзеныя кнігі Алега Антонавіча. Я памятаю, як падбіваў яго: „ Ну, Алег Антонавіч, ёсьць раман пра Купалу, ёсьць раман пра Скарыну. Напішыце раман пра Максіма Багдановіча, няхай будзе такая годная трыяда.” Ён не напісаў пра Багдановіча, але напісаў кнігу ўспамінаў пра Ўладзімера Караткевіча. Я думаю, што гэта будзе таксама таленавітая кніга. Некалі харошы паэт Анатоль Грачанінаў напісаў такія радкі:
Калі паміраюць паэты, што ні перад нікім ня гнуцца,
У чалавецтва прасьветы на ўсе вякі застаюцца…
І вось я думаю, што гэты прагал, які зьявіўся пасьля сьмерці Алега Антонавіча Лойкі, запоўніць камусьці будзе проста немагчыма.
Лявон Баршчэўскі зазначае, што Алег Лойка быў ня толькі вялікім навукоўцам, ён быў натуральным беларусам.
Лявон Баршчэўскі: Алег Лойка заўсёды рабіў уражаньне ня толькі абсалютна аўтэнтычнага, ня штучнага беларуса, – у яго беларускасьць абсалютна натуральная, прыродная – але й чалавека добрых чалавечых якасьцяў, беларуса, якога немагчыма было зрабіць іншым. Добра памятаю, як адзначаўся ягоны 75-гадовы юбілей, які яшчэ тады было магчыма адзначыць на філфаку БДУ. Вельмі шкада, што такі вялікі чалавек пайшоў з жыцьця. Яго, канечне, будзе нехапаць і нашай навуцы, і нашаму беларускаму жыцьцю.
Алег Лойка пакінуў пасьля сябе вялікую навуковую й літаратурную спадчыну. Міне шмат часу, калі ізноў на беларускім літаратурным небасхіле паявіцца зорка ягонай велічыні, - кажа Алесь Пашкевіч.
Алесь Пашкевіч: Але зорка Алега Лойкі яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі будзе ярка сьвяціць і над зямлёю Беларусі, і над усім сьветам філялягічным, навуковым, грамадзкім і культурным.
Алег Лойка будзе пахаваны ў пятніцу 21 лістапада ў родным Слоніме, дзе жыў апошнія гады.
Караліна Русіновіч